Аб урачыстай цырымоніі ўзнагароджання ветэранаў у г. Іерусаліме
26.08.2024 г.25 жніўня 2024 г. у г. Іерусаліме адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і завяршэнню беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён» (29 жніўня 1944 г.).
На мерапрыемстве Пасол Беларусі ў Ізраілі Я.Вараб’ёў правёў цырымонію ўзнагароджання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны юбілейным медалём «80-гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».
У мерапрыемстве, якое адбылося пры падтрымцы мэрыі горада Іерусаліма і Усеізраільскага Саюза ветэранаў другой сусветнай вайны – змагароў супраць нацызму, узялі ўдзел прадстаўнікі муніцыпалітэта, Усеізраільскага Аб’яднання выхадцаў з Беларусі, Аб’яднання блакаднікаў, Асацыяцыі перажылых Халакост, іншых арганізацый, а таксама грамадскасці.
У сваім прывітальным слове кіраўнік беларускай дыпмісіі адзначыў, што Беларусь і Ізраіль цесна звязвае памяць аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны.
За гады ваеннага ліхалецця Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара, а сярод ахвяр Халакоста – 700 тысяч нашых суграмадзян яўрэйскай нацыянальнасці. Беларусы з рызыкай для жыцця хавалі ў сябе яўрэяў, ратуючы іх ад немінучай гібелі, больш за 700 з іх былі ўдастоены звання «Праведнік народаў свету».
У завяршэнні мерапрыемства ветэранам уручаны памятныя медалі, віншавальныя лісты ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі “салдацкі трохвугольнік” і сувеніры.
Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны падзяліліся ўспамінамі, сярод іх – удзельнік аперацыі «Баграціён» Гутковіч Абрам Ільіч, які вызваляў г. Віцебск, г.Гродна і дайшоў да Берліна.
Урачысты вечар працягнуўся канцэртам, на якім выконваліся песні ваенных гадоў і пра Беларусь.