Аб мерапрыемстве ў Кнэсеце да 40-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС
26.05.2026 г.26 мая 2026 года ў Кнэсеце Дзяржавы Ізраіль адбылося памятнае тэматычнае мерапрыемства, прысвечанае 40-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Ініцыятарам правядзення мерапрыемства яшчэ на пачатку года выступіла Пасольства Беларусі ў Ізраілі. Беларуская ініцыятыва атрымала падтрымку парламенцкай фракцыі партыі «Наш дом — Ізраіль» на чале з Авігдорам Ліберманам, а таксама кіраўніцтва Кнэсета. Асабісты ўдзел у рэалізацыі задумы прынялі віцэ-спікер Кнэсета Яўген Сова і кіраўніцтва Усeізраільскага саюза ліквідатараў і пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы.
Ізраіль займае вядучае месца сярод краін далёкага замежжа па колькасці ліквідатараў і пацярпелых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС — выхадцаў з былых савецкіх рэспублік, уключаючы Беларусь, якія пражываюць у краіне. У Ізраілі дзейнічае профільны Саюз ліквідатараў і пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы, які аб’ядноўвае каля дзвюх тысяч чалавек.
Падчас мерапрыемства, якое працягвалася больш за дзве гадзіны, былі прадэманстраваныя фрагменты дакументальнага фільма Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» — «Чарнобыль. Жывая зямля», прысвечанага лёсам пацярпелых рэгіёнаў Беларусі і дзяржаўнай дзейнасці па пераадоленні наступстваў катастрофы. На палях мерапрыемства таксама адбылася прэзентацыя тэматычнай фотавыставы Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Беларусі, прысвечанай чарнобыльскай тэматыцы.
Перад удзельнікамі выступіў Пасол Беларусі ў Ізраілі Юрый Ярашэвіч. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што менавіта Беларусь прыняла на сябе найбольш цяжкія наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а маштаб трагедыі закрануў мільёны людзей. Пасля распаду Савецкага Саюза краіна фактычна самастойна ўзяла на сябе ўсе цяжкасці ліквідацыі наступстваў катастрофы.
Пасол адзначыў, што на працягу дзесяцігоддзяў беларуская дзяржава сістэмна накіроўвала значныя рэсурсы на сацыяльную падтрымку насельніцтва, медыцынскую дапамогу, аздараўленне пацярпелых, а таксама аднаўленне забруджаных тэрыторый. Паводле слоў кіраўніка дыпламатычнай місіі, трагедыя Чарнобыля стала цяжкім урокам для ўсяго чалавецтва, а назапашаны Беларуссю вопыт у сферы ядзернай бяспекі і пераадолення наступстваў радыяцыйных аварый захоўвае сваю актуальнасць і сёння.
Асобна было падкрэслена, што сучасная атамная энергетыка развіваецца на якасна новым узроўні бяспекі, а Беларуская атамная электрастанцыя з’яўляецца важным элементам энергетычнай незалежнасці і тэхналагічнага развіцця краіны.
Ю.Ярашэвіч таксама звярнуў увагу на сімвалічнасць даты правядзення мерапрыемства, нагадаўшы, што менавіта 26 мая 1992 года былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Дзяржавай Ізраіль. Паводле яго слоў, гэта надае дадатковае значэнне супрацоўніцтву дзвюх краін у пытаннях захавання гістарычнай памяці, гуманітарнага ўзаемадзеяння і ўмацавання міру.
У рамках цырымоніі Пасол уручыў старшыні Усeізраільскага саюза ліквідатараў і пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы Вадзіму Хасдану, ураджэнцу Гомеля, нагрудны знак Дэпартамента за шматгадовы ўклад у захаванне памяці пра наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС, прымеркаваны да 40-й гадавіны трагедыі.
З відэазваротам да ўдзельнікаў выступіў Міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Мароз. Ён падкрэсліў важнасць захавання памяці пра подзвіг ліквідатараў і неабходнасць зрабіць усё магчымае для прадухілення падобных трагедый у будучыні.
Мерапрыемства сабрала шырокае кола ўдзельнікаў і гасцей. Сярод прысутных — дэпутаты Кнэсета, прадстаўнікі Бюро па сувязях «НАТЫЎ» Офіса Прэм’ер-міністра Ізраіля, спецыялісты па радыяцыйнай бяспецы, кансультанты МАГАТЭ, старшыя дыпламаты Пасольства Расіі, ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай АЭС, журналісты, грамадскія і культурныя дзеячы.
Завяршылася памятная цырымонія канцэртам-рэквіемам. Музычную праграму выканаў вядомы эстрадны скрыпач-віртуоз Саня Кройтар.