:

Наведайце Беларусь

Адпачынак на любы густ

Сёння кожны турыст і падарожнік можа выбраць у Беларусі адпачынак на любы густ. У Беларусі няма заснежаных гор і цёплага мора з пясчанымі пляжамі, але летам тут можна накупацца ў чыстых азёрах, а зімой пакатацца на лыжных курортах, і ў любую пару года – пабываць на рыцарскіх турнірах, народных святах, розных спартыўных спаборніцтвах, фестывалях, у тэатрах, музеях, на экскурсіях.

Турыстычная інфраструктура Беларусі дае магчымасць з камфортам размясціцца, паспытаць нацыянальных страў, бяспечна і хутка дабрацца ў любы куток краіны, набыць сувеніры. Дзякуючы развіццю інфармацыйных тэхналогій, у Беларусі ствараецца нацыянальная сістэма анлайн-браніравання, што дае магчымасць турысту заказаць нумары ў большасці гасцініц краіны.

Турыстычны патэнцыял Беларусі заключаецца ў разнастайнасці і харастве прыроды, унікальнасці гісторыка-культурнай спадчыны. У рэспубліцы налічваецца больш за 15 тыс. аб'ектаў, якія маюць гістарычную, культурную, архітэктурную значнасць, а таксама памятных мясцін, звязаных з імёнамі выдатных дзеячаў сусветнай гісторыі і культуры.

Для аматараў экалагічнага турызму адпачынак у Беларусі – унікальная магчымасць атрымаць асалоду ад прыроды ў экалагічна чыстых, не кранутых урбанізацыяй кутках. Многія прыродныя аб'екты краіны лічацца эксклюзіўнымі ў Еўропе. У першую чаргу гэта нацыянальныя паркі «Нарачанскі», «Прыпяцкі», «Браслаўскія азёры», «Белавежская пушча», Бярэзінскі біясферны запаведнік, заказнікі «Налібоцкі», «Блакітныя азёры» і многія іншыя.

Асаблівая ўвага ў Беларусі ўдзяляецца развіццю аграэкатурызму. У 2019 годзе турыстаў прымали больш як 2,7 тыс. суб'ектаў аграэкатурызму. Усе яны абсалютна розныя і па-свойму каларытныя. У адных турыстам прапануюць асобны домік з камінам, більярдам і вясковай лазняй, у іншых – невялікі пакой у агульным з гаспадарамі доме і ўмывальнік з калодзежнай вадой на вуліцы. Але ва ўсіх без выключэння суб'ектах аграэкатурызму гасцей смачна накормяць і арганізуюць шмат забаў.

Апошнія гады ўсё больш папулярным становіцца лячэбна-аздараўленчы турызм. Адпачынак і аздараўленне прапануюць гасцям 492 санаторна-курортныя, аздараўленчыя арганізацыі і іншыя спецыялізаваныя сродкі размяшчэння , у тым ліку 76 санаторыяў і 4 пансіянаты. Усе санаторыі размешчаны ў зонах з асаблівым мікракліматам, многія з іх маюць уласныя крыніцы мінеральных вод, гразелячэбніцы. У Беларусь замежных гасцей прыцягваюць высокая кваліфікацыя беларускіх урачоў, добрая аснашчанасць клінік, у цэлым высокі ўзровень якасці медыцынскіх паслуг.

Не страчвае сваёй актуальнасці рэлігійны турызм. У выніку гістарычнага мінулага на тэрыторыі краіны стагоддзямі пражываюць побач прадстаўнікі розных рэлігій – хрысціяне, іўдзеі, мусульмане і інш. Вернікі прыязджаюць пакланіцца цудадзейным абразам і нятленным мошчам беларускіх святых: Ефрасінні Полацкай, праведнай княгіні Соф’і Слуцкай. У мінскім касцёле Святых Сымона і Алены і гродзенскім Фарным касцёле захоўваюцца дублікаты Турынскай плашчаніцы.

У моду ўваходзіць ваенна-гістарычны турызм. Людзі прыязджаюць у Беларусь з розных канцоў свету, каб наведаць памятныя мясціны, дзе вяршылася гісторыя. Пра падзеі мінулага нагадваюць замкі і храмы абарончага тыпу, помнікі і стэлы, устаноўленыя ў гонар знакамітых бітваў, ваенныя і краязнаўчыя музеі.

Шмат замежных гасцей прыязджаюць у Беларусь, каб наведаць разнастайныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы міжнароднага ўзроўню. Сталі вядомымі за межамі Беларусі міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі» (г. Полацк), рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (г. Паставы), рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне і інш. Яркай падзеяй стаў праведзены ў Мінску дзіцячы песенны конкурс «Еўрабачанне–2010». У 2014 годзе ў Беларусі праходзіў 78-ы чэмпіянат свету па хакеі з шайбай, а ў 2021 годзе Беларусь прыме 85-ы чэмпіянат.

Беларусь удзельнічае ў шэрагу трансгранічных праектаў – «Невядомая Еўропа» ў Гродзенскай вобласці, Еўрарэгіён «Паазер'е», «Бэла Дзвіна» ў Віцебскай вобласці. Усе яны дапамагаюць больш эфектыўна выкарыстоўваць гісторыка-культурную спадчыну і ўнікальны прыродны патэнцыял краіны.

 

Дзе варта пабываць у Беларусі

Беларусь пачынаецца са сталіцы. Мінск – горад з амаль тысячагадовай гісторыяй. У Вялікую Айчынную вайну Мінск быў разбураны больш як на 80%, у сувязі з гэтым тут практычна не захаваліся старажытныя пабудовы. Аднак сучасная планіроўка і добраўпарадкаванне, архітэктурныя ансамблі з шырокімі, светлымі вуліцамі і праспектамі, пышнай зелянінай бульвараў, сквераў і паркаў ствараюць сваё непаўторнае аблічча і каларыт. Для гасцей беларускай сталіцы распрацавана больш за 40 пешаходных і аўтобусных экскурсійных маршрутаў з наведваннем аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, музеяў, тэатраў, выставачных галерэй. 

Замкавы комплекс «Мір» – выдатны помнік абарончага дойлідства XVI стагоддзя. Уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. У снежні 2010 года пасля рэстаўрацыйных работ Мірскі замак быў адкрыты для турыстаў.

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» – унікальны помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVI–XVIII стагоддзяў, звязаны з гісторыяй роду Радзівілаў. Уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. У чэрвені 2011 года пасля актыўных рэстаўрацыйных работ Нясвіжскі замак адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў.

Аўгустоўскі канал
– выдатны аб'ект гідратэхнічнай архітэктуры 1-й паловы XIX стагоддзя, які злучыў раку Віслу з Нёманам. На канале праводзяцца міжнародныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, гарадскія, абласныя і рэспубліканскія конкурсы, турзлёты. Арганізуюцца падарожжы ўздоўж канала на байдарках, каноэ, маторках.


Мемарыяльны комплекс «Хатынь»
– адзін з самых уражальных помнікаў ахвярам Другой сусветнай вайны. Знаходзіцца за 54 км ад Мінска на месцы вёскі, знішчанай фашыстамі ў Вялікую Айчынную вайну. Сёння гэта адна з найбольш шаноўных мясцін у Беларусі. Тут працуе невялікі музей і фотавыстаўка.

Брэсцкая крэпасць
– помнік абарончай архітэктуры ХІХ стагоддзя, размешчаны прыкладна ў 30 мінутах хады ад цэнтра Брэста. У гады Другой сусветнай вайны крэпасць стала сімвалам савецкага супраціўлення фашысцкім акупантам. 22 чэрвеня 1941 года гарнізон крэпасці прыняў першыя ўдары нямецка-фашысцкіх захопнікаў і больш як месяц трымаў абарону ў поўным акружэнні. У пасляваенны час за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў час абароны крэпасці, цытадэль атрымала ганаровае званне «Крэпасць-герой»
.

Нацыянальны парк «Белавежская пушча» – адна з важнейшых выдатных мясцін Беларусі. Гэта буйнейшы лясны масіў у Цэнтральнай Еўропе, знакаміты імяннымі дубамі, узрост якіх перасягае 500 гадоў. Пушчу насяляюць разнастайныя жывёлы і птушкі, у тым ліку самая вялікая ў Еўропе папуляцыя рэдкіх зуброў. Нацыянальны парк уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. 

Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» размешчаны ў Віцебскай вобласці. Тут знаходзяцца найпрыгажэйшыя ў Беларусі ледніковыя азёры, аб'яднаныя ў некалькі груп. У раёне азёр жывуць рэдкія птушкі і жывёлы, уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Тут размешчана шмат турыстычных баз адпачынку.

Дом-музей Марка Шагала ў Віцебску – адзін з самых наведвальных музеяў у Беларусі. Марк Шагал, ураджэнец Беларусі яўрэйскага паходжання, сусветна вядомы дзякуючы сваім сюррэалістычным карцінам. Феномен творчасці Шагала нязменна выклікае вялікую цікавасць як у Беларусі, так і за мяжой. У калекцыі музея Шагала сабрана больш за 300 арыгінальных твораў мастацтва, сярод якіх літаграфіі, ксілагравюры, гравюры, акватынты, ілюстрацыі да паэмы «Мёртвыя душы» Мікалая Гогаля. У музеі таксама выстаўлены рэпрадукцыі некаторых самых знакамітых работ Шагала.

 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці