:

Аб удзеле Пасла ў памятнай цырымоніі ў Нетаніі

03.09.2026 г.

3 верасня 2026 г. Пасол Беларусі ў Ізраілі Юрый Ярашэвіч узяў удзел у памятнай цырымоніі ў г. Нетанія, прысвечанай 81-й гадавіне заканчэння Другой сусветнай вайны. У рамках цырымоніі адбылося ўскладанне вянкоў і кветак да манумента «Крылы» – помніка Перамозе Чырвонай арміі над нацысцкай Германіяй.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел паслы Расіі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, В'етнама, Казахстана, Сербіі і Узбекістана, саветнік-пасланнік Пасольства Кітая, а таксама намеснік генеральнага дырэктара Міністэрства замежных спраў Ізраіля па справах Еўразіі Ю.Фукс.

У сваім выступленні Пасол Юрый Ярашэвіч адзначыў  бяспрыкладны подзвіг беларускага народа ў гады Другой сусветнай вайны і падкрэсліў асаблівую ролю беспрэцэдэнтнага па сваіх маштабах партызанскага руху ў Беларусі ў барацьбе супраць нацысцкай акупацыі.

Кіраўнік беларускай дыпламатычнай місіі прывёў словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі: «Беларускі народ перажыў неверагодныя выпрабаванні ў гады фашысцкай акупацыі і на генетычным узроўні не прымае вайны».

Пасол таксама расказаў аб будаўнічых і рамонтных работах, якія працягваюцца ў Навагрудку, па стварэнні музея Халакосту і яўрэйскага супраціўлення на гістарычных пляцоўках Навагрудскага яўрэйскага гета. Было адзначана, што менавіта адсюль 83 гады таму быў здзейснены беспрэцэдэнтны для Еўропы масавы ўцёк вязняў гета.

У выступленні Ю.Ярашэвіч падкрэсліў выключна міралюбівы характар знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь і неабходнасць мірнага вырашэння канфлікту ва Украіне. Паводле яго слоў, дасягненню гэтай мэты перашкаджае дзейнасць міжнароднай «партыі вайны», зацікаўленай у працягу канфрантацыі і эскалацыі.

У гэты ж дзень дыпламаты Пасольства прынялі ўдзел у памятнай цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да манумента гераічным абаронцам і жыхарам блакаднага Ленінграда «Свечка памяці» ў Іерусаліме.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці